Дакрануцца да асноў жыцця…
(нататкі-разважанні па раману Зінаіды Дудзюк “Слодыч і атрута”)

Заўсёды добрым падарункам у розныя часы была кніга. Падчас Свята беларускага пісьменства, што ладзілася ў Добрушы, на адкрытых пляцоўках можна было набыць друкаваныя выданні беларускіх аўтараў, пабачыць і пачуць іх саміх. Мне пашанціла пазнаёміцца з пісьменніцай Зінаідай Дудзюк і атрымаць з яе рук кнігу “Слодыч і атрута” з аўтографам аўтаркі: “Шаноўнай спадарыні Веры Стасенка на шчасце і ўсё найлепшае”.
“Чым яна цікавая?” – разгарнула старонкі кнігі. Мяне захапіў своеасаблівы жыццяпіс пра беларускую сям’ю з Бярэсця, на прыкладзе якой прасочваецца жыццё палешукоў у ХХ стагоддзі з усімі яго гістарычнымі перыпетыямі.
Таленавіты твор заўсёды схіляе да разважанняў. Перагортваючы старонкі рамана “Слодыч і атрута” Зінаіды Дудзюк, была ўражана адметнасцю і глыбінёй яго зместу, годнасцю, роднасцю і радасцю за нас – беларусаў. Усё гэта ўдалося выказаць аўтарцы на старонках кнігі-роздуму ці кнігі-жыцця беларусаў. Назва твора адпавядае яго сутнасці, дзе праз аповед выяўляецца суіснаванне ў розных жыццёвых праявах дабра і зла, праўды і крыўды, слодычы і атруты. Таксама каштоўнасць твора ў далучэнне чытача да скарбу беларускай самабытнай культуры і жаданні адрадзіць аўтэнтычнасць поглядаў, беларускасць нацыянальнага адзінства, здольнасць да ведаў і адкрыцця навуковых дасягненняў, непадуладных часу...
Праца заўсёды была асновай жыцця беларуса. Па сутнасці, жыхары заходняй часткі Беларусі нічым не адрозніваюцца ад такіх жа беларусаў з усходу. Бадай, толькі межы іншыя, а традыцыі і працалюбства аднолькавыя. Заходняя частка Беларусі ў час яе знаходжання ў складзе Польшчы называлася “Крэсы Усходнія” – краіна, якой не далі магчымасці ісці сваім шляхам. У кнізе аўтарка закранае праблему, якая і да сёняшняга часу не вырашана, – гэта захаванне беларускай культуры і мовы. Дзеці заходніх беларусаў марылі вучыцца, але магчымасці ў кожнай сям’і былі розныя. Узімку дзеці хадзілі ў школу спасцігаць грамату, а з вясновым абуджэннем зямлі і да позняй восені, як казалі раней “ад вясновага Міколы да Піліпавых загалін”, працавалі па гаспадарцы ды на палетках і сенажацях. Аб працы разважае адзін з персанажаў твора Гардзей: “Хоць, зрэшты, хто каго ў сялянскай рабоце ашчаджаў? Тут сам сябе чалавек не шкадуе. Упражэцца, як конь, і цягне, колькі сілы хопіць…”. Але і пра лепшую долю людзі марылі таксама. Праца павінна прыносіць асалоду, а не быць дармовой абузай – так меркавалі героі кнігі Гардзея і Марка і такія ж самаадданыя, рэвалюцыйна настроеныя юнакі з суседніх вёсак, якія калісьці вучыліся ў адным класе вясковай школы.
Добрым думкам і памкненням жыхароў Заходняй Беларусі, якія ладзілі свае гаспадаркі на хутарах, спрыяў час. Асноўная мэта Гвардзея была – дамагчыся ўладарства на сваёй зямлі. Гардзей лічыў, што трэба трапіць ва ўладныя структуры – каб паўплываць на становішча і змяніць яго пад сябе. Пад чужой уладай знаходзіцца было не соладка, але Гардзей лоўка ўмеў скарыстацць дапамогу іншых для ажыццяўлення сваіх ідэй і памкненняў. Гэты персанаж цікавы яшчэ і тым, што здатны быў думаць і разважаць пра светабудову, пра з’яўленне Зямлі і ўсяго таго, што на ёй. Чэпкім сялянскім розумам “разгадваў” ён гэтыя таямніцы і тыды, калі давялося трапіць у шахту каля Варкуты і бачыць у разрэзе зямныя пласты, якія нагадвалі слаёны пірог.
Лёс жанчын у кнізе “Слодыч і атрута” складваўся па-рознаму. Доля іх у большасці сваёй залежыла ад чысціні ўнутранага свету, характару, нават выхавання жанчын.
Нібы рэхам адгукаюцца ўспаміны, якія вядуць праз параўнанне падзей пры царскай ўладзе ці бязладдзі ў Польшчы і таго, што змянілася пасля.
Гістарычныя падзеі адбіліся на жыццёвым лёсе сясцёр-беларусак Зосі, Каці і Гэлі. Разам з бацькамі Зося і Каця былі ў бежанцах у Самары падчас Першай сусветнай вайны. Калі памерла маці, Зося трапіла ў прытулак для дзяўчынак, дзе добрым манерам і танцам вучыла яе немка. Старэйшая Каця засталася з бацькам за гаспадыню, з-за цяжкай працы зарабіла грыжу, таму, калі вярнуліся з бежанства на Берасцейшчыну, дапамагала тым, што прырабляла швачкай. Шыла вопратку з крамнай тканіны. Зося нярэдка згадвала, як ёй было хораша ў пансіёне. А стрыечаная сястрычка Гэля нікуды не з’язджала, заставалася на радзіме, таму захавала спагаду і любасць да блізкіх людзей, стрыманасць і мудрасць.
Тэма кахання спалучаецца з жыццёвымі перыпетыямі гераінь. І для кожнага чалавека яно рознае, бо залежыць ад унутранага свету. Зосю вядзе каханне праз усё жыццё, яно такое ж чысцюткае і лагоднае як і яна сама. Кацярына стрыманая ў памкненнях, зацятая ў традыцыйных перакананнях, не пускае пяшчоту ў сэрца, застаецца зайздрослівай да шчасця іншых. Процілеглым да Кацярыны выглядае вобраз Марфы – не трывалай да спакусы любасці і мужчынскага жадання.
Цудоўным завяршэннем сюжэту кнігі з’яўляюцца мемуарныя нататкі і эпілог.
Уражанне па прачытанні было такое, быццам я праглядзела шматсерыйную дакументальную хроніку, якая надоўга засталася пачкццямі ў сэрцы. Дзякуй аўтарцы за добрую кнігу. З пажаданнем толькі адзінага: больш такіх кніг на палічках у крамах і бібліятэках не толькі Беларусі, але і іншых краін свету.
І яшчэ… Толькі традыцыйная культура і выхаванне здолеюць захаваць самабытнага, цікавага беларуса. Мяркую, што прыдзе час, калі вернуцца да моладзі шчырасць і працалюбства, удзячнасць бацькам і старэйшым людзям за навучанне і выхаванне. І гэтакі лад будзе ісці з пакалення ў пакаленне…
Автор - Вера Стасенка 11.03.2023
|